Рыгор Барадулін — апошні народны паэт Беларусі. Само званне “народнага” ён атрымаў ужо ў незалежнай краіне ў 1992 годзе. І артыкулам пра яго заканчваецца наш цыкл артыкулаў, прысвечаных Народным пісьменнікам і паэтам нашай краіны. На жаль Барадулін пайшоў з жыцця каля года таму, пакінуўшы пасля сябе багатую спадчыну.
Біяграфія
Нарадзіўся ён у 1935 годзе на хутары Верасоўка. У 1937 годзе хутар ліквідавала савецкая ўлада, а ягоную сям’ю пасялілі ў вёсцы Вушачы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны бацька паэта ваяваў у партызанскім атрадзе і загінуў у 1944 годзе. Сам паэт успамінае, што менавіта маці, якая амаль у адзіночку выхоўвала яго, і зрабіла з яго сапраўднага беларуса.
Пасля вайны будучы паэт у 1954 годзе скончыў Вушацкую сярэднюю школу, а ў 1959 — філалагічны факультэт БДУ. Менавіта падчас студэнцтва ён сур’ёзна захапляецца беларускай літаратурай і нават вывучае паэму Янкі Купалы “Новая зямля” на памяць.
Барадулін працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях — у газеце “Советская Белоруссия”, часопісах “Бярозка”, “Полымя”, а таксама ў выдавецтвах “Беларусь” і “Мастацкая літаратура”. У складзе дэлегацыі ад БССР Барадулін браў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у 1984 годзе.
Рыгор Барадулін быў адным са стваральнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру. З 1990 года ён быў ягоным прэзідэнтам, а з 1999 — віцэ-прэзідэнтам. Належаў да партыі “Беларускі Народны Фронт”.
У 1995 — 1997 гадах знаходзіўся ў кіраўніцтве Беларускага фонду Сораса.
Памёр Барадулін 2 сакавіка 2014 года ва ўласнай кватэры. Пахаваны ў Вушачах, каля магілы маці. У апошні шлях паэт адправіўся ў вышыванцы.
Творчасць
Першыя вершы Барадуліна з’явіліся ў друку, калі ён ужо вучыўся ў старэйшых класах, — у 1953 годзе ў газеце “Чырвоная змена” (пад псеўданімам А. Чабор). А таксама ў шматтыражнай газеце БДУ “За сталінскія кадры”.
Першы зборнік вершаў паэта “Маладзік над стэпам” выйшаў у 1959 годзе. Галоўныя тэмы паэзіі — вайна, духоўнасць і таленавітасць беларускага народа, праблемы пасляваеннага часу. У 1961 годзе выходзіць другі зборнік паэзіі — “Рунець, красаваць, налівацца!”, а ў 1963 трэці — “Нагбом”.
У апошніх зборніках паэта пераважаюць духоўныя ды біблейскія матывы. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі “Ксты”.
Акрамя гэтага, Барадулін — аўтар вялікай колькасці сатырычных і гумарыстычных твораў. Ён стварыў вялікую колькасць эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва. У 1987 годзе выйшла кніга “Парастак радка, галінка вяршыць”, якая складалася з літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ паэта.
У 2013 годзе выйшла кніга “Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна” (наша рэцэнзія). Гэта этнаграфічнае выданне, прысвечанае дыялекту ды традыцыям жыхароў Вушаччыны — малой радзімы паэта. У 2013 годзе наш сайт прызнаў гэтую кнігу лепшай кнігай года.
У 1996 — 2002 гадах выйшаў збор твораў паэта ў 4 тамах. Дарэчы, першапачаткова планавалася, што гэта будзе 5-томнае выданне.
Барадулін займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Пад ягоным аўтарствам на беларускай мове з’явіліся некаторыя творы Уільяма Шэкспіра, Амара Хаяма, Сяргея Ясеніна, Адама Міцкевіча, Джорджа Байрана і іншых.
Ён вельмі сябраваў з Васілём Быкавым, Уладзімірам Някляевым, Генадзем Бураўкіным, Уладзімірам Караткевічам.
Што пачытаць?
У Барадуліна чытаць можна практычна ўсё. Ягоная творчасць была вельмі самабытнай, а паэзія напоўнена аўтарскай лексікай. Тым жа, хто цікавіцца беларускай мовай, рэкамендуем абавязкова прачытаць “Вушацкі словазбор” — Найлепшую кнігу 2013 года (ІМХО).
Узнагароды і памяць. Барадулін узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, латвійскім ордэнам трох зорак, медалём Францыска Скарыны. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы за зборнік вершаў “Рум” (1976 год) і пераклады Гарсіі Лоркі.
У 2006 Барадулін вылучаўся як кандыдат на Нобелеўскую прэмію, за зборнік паэзіі “Ксты”.
Нягледзячы на намаганні шматлікіх актывістаў, праз год пасля смерці паэта ў нашай краіне не створана вуліцы, помніка або навучальнай установы ягонага імя.
Ці варты?
Барадулін — адна з апошніх вялікіх фігур беларуска-савецкай літаратуры. Ён пачаў тварыць яшчэ ў БССР, а працягнуў ужо ў незалежнай краіне. Сам Барадулін — адзін з нямногіх сучасных паэтаў, якога ведаюць беларускія школьнікі. Дык значыць — так, без сумневу Дзед Рыгор варты высокага звання „народнага”.
Літаратурныя легенды і факты
1. У савецкі час да піянераў не належалі альбо самыя заўзятыя хуліганы, альбо… альбо належалі. Усе, акрамя Барадуліна. Калі дзяцей пасвячалі ў піянеры, ён, будучы хлопчыкам, знарок збег са школы. А пазней настаўнікі забыліся аб тым, што ён не стаў піянерам. У юнацтве, праўда, ён вымушаны быў уступіць у камсамол, інакш не змог бы паступіць у ВНУ. Але падчас працы неаднаразова адхіляў прапановы ўступіць у КПСС.
2. Дзед Рыгор сыграў вырашальную ролю і ў лёсе іншага беларускага паэта — Уладзіміра Някляева. Барадулін у інтэрв’ю ўспамінаў, што калі Някляеў збіраўся ехаць у Маскву, ён завёў яго ў рэстаран “Мінск” і там адгаварыў ад гэтага кроку. Але ёсць і іншая версія — у Рыгора Барадуліна зусім не атрымалася адгаварыць ад гэтай задумы Някляева, затое ён спаіў яго да такой ступені, што той проста не змог зайсці ў свой цягнік. Тут жа, каб не страчваць час, Барадулін аддаў першы зборнік вершаў свайго сябра (які быў “зарэзаны” цэнзурай у выдавецтве “Мастацкая літаратура”) асабіста Пімену Панчанку. Панчанку вершы вельмі спадабаліся і на тытульным лісце рукапісу ён нават напісаў — “Калі выдаваць першыя кнігі вершаў, дык такія». Пасля гэтага кнігу выдалі, а Ўладзімір Някляеў застаўся ў нашай краіне і стаў беларускім, а не рускім паэтам.
3. Барадулін быў беспартыйным “народным”. Сярод іншых пісьменнікаў, якія ўдастоіліся гэтага звання, у партыю не ўступілі толькі Васіль Быкаў і Янка Брыль