Беларуская мова

Што такое беларуская мова для сучасных беларусаў? Для большасці, напэўна, нейкі рудымент, перажытак мінулага ці наогул вясковы, мужыцкі дыялект рускай мовы. Але так было не заўседы. Нашая мова існуе з самага заснавання Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта тады пачалося фармаванне гаворкі, што паўстала адметнай рысай людзей, якія называлі сябе ліцвінамі.

Напрацягу стагоддзяў мова паспела стаць «мужыцкай», загінуць і адрадзіцца зноў у некалькі іншым выглядзе, які паўстае перад намі ў сучаснасці. Есць у яе і нямала цікавых «версій», дыялектаў, сучасных і гістарычных.

Навошта нам беларуская мова?

Кітайская гаворка распавядае: «Кожная новая мова — гэта акенца, з якого можна ўбачыць новы свет».

бел мова

І сапраўды, мова заўсёды адлюстроўвае характар народа, якому належыць. Яна можа шмат расказаць і пра людзей, і пра гісторыю краіны. Напрыклад, некаторае падабенства беларускай мовы да моў нашых суседзяў распавядае пра цесную сувязь гісторый гэтых нацый. Зацвярдзеласць многіх гукаў і разам з тым мілагучнасць беларускай мовы паказваюць характар беларусаў, якія, калі трэба, не адступаюць, не здаюцца, але разам з тым праяўляюць дабрыню, гасціннасць і памяркоўнасць. Лічаць, што найлепшым спосабам пазнаць культуру краіны з’яўляецца знаёмства з яе людзьмі, мовай і літаратурай. Для саміх жа беларусаў вывучэнне роднай мовы вельмі важкае для захавання культурнага мінулага і развіцця Радзімы. Бо разам з мовай знікаюць і культура, і традыцыі, і нават сам народ.

А пачнем мы з гісторыі.

Нямнога пра гісторыю

Гісторыя развіцця беларускай мовы падзяляецца на тры перыяды. Першы перыяд — да 13 стагоддзя, калі асноўныя ўсходнеславянскія мовы мелі агульную назву праславянскіх. Ён нас цікавіць найменьш. А вось наступныя два перыяды разглядзім падрабязней.

Старабеларуская, «правільная» мова ўзнікла разам з Вялікім Княствам Літоўскім. Першапачаткова яна была дзяржаўнай у ВКЛ, але з цягам часу пад уздзеяннем уній з Каралеўствам Польскім стала ператварацца з мовы народу ў сялянскую, шляхта і сярэдняе саслоўе пачалі размаўляць па-польску. Такім чынам у Рэчы Паспалітай праходзіў працэс апалячвання. Не раз прадпрымаліся спробы аднавіць былое становішча роднай мовы, але ніводная з іх не ўдалася.

Пасля трох падзелаў тэрыторыі Рэчы Паспалітай землі ВКЛ апынуліся пад уладай Расейскай Імперыі. У гэты перыяд здарылася так званая смерць старабеларускай мовы. Ліцвіны (сучасныя беларусы) не прызнаваліся ў краіне асобным народам. Закрываліся ліцвінскія адукацыйныя ўстановы, беларуская мова забаранялася.

Але ўслед за знікненнем старабеларускай пачала фармавацца новабеларуская мова. Спачатку яна існавала ў форме гаворкі, не мела адзінай лексікі і арфаграфіі, таму яе патрэбна было распрацавать. З прапанаваных варыянтаў выбралі работу Браніслава Тарашкевіча. Яго граматыка атрымала назву «тарашкевіца».

У савецкі час беларуская мова таксама зведала перамены. Пасля перыяда палітыкі беларусізацыі была праведзеная моўная рэформа, якая даволі кардынальна змяніла граматыку і прывяла яе да сучаснага стану. Такім чынам, некаторыя характэрныя рысы зніклі, правапіс стаў больш падобным да рускага.

З чаго пачаць?

Відавочна, беларуская мова патрабуе стараннага вывучэння. Уявіце сабе працу аўтамеханіка: ён павінен выдатна ведаць прыладу машыны, усе яе складовыя дэталі і іх функцыянал для выкарыстання на практыцы. Мова — гэта такая ж сістэма, толькі, у адрозненне ад машыны, яна складаецца са словаў, якія, у сваю чаргу, будуюцца з марфем. Таму, каб адчуць усю прыгажосць мовы, трэба ведаць яе марфалагічную базу.

Тут чалавеку, малазнаёмаму з беларускай мовай, дапамогуць ўжо атрыманыя веды пра рускую. Нават у малодшых класах беларускіх школ настаўнікі часта праводзяць паралель з курсам рускай мовы. Праграмы прадметаў вельмі падобныя: маленькія беларусы ўжо ў першым-трэцім класах пачынаюць знаёміцца з марфемамі слоў абедзвюх моў, у чацвёртым-пятым — больш падрабязна вывучаюць часціны мовы, марфалагічны разбор слоў, сінтаксіс і пунктуацыю. Школьныя падручнікі даюць юнаму пакаленню базу, патрэбную для вольнага і граматнага выкарыстання беларускай мовы. Таму, як правіла, цяжкасцяў на пачатковых стадыях яе вывучэння не ўзнікае.

Моўныя дыялекты і версіі

На працягу ўсяго развіцця мовы існавала шмат дыялектаў: адметнай з’яўлялася гаворка палешукоў, жыхары з узыходу гаварылі не так, як «захаднікі», і г.д.

Самым распаўсюджаным дыялектам з’яўляецца трасянка — змяшэнне беларускай і рускай моў. Дарэчы, цікавае паходжанне самой назвы «трасянка»: так раней называўся корм для каровы, у якім разам з сенам з мэтай эканоміі змешвалася некаторая колькасць саломы. Такі жа працэс адбываўся і з мовай: падчас індустрыялізацыі жыхары весак масава пераязджалі ў горад на працу, змешваліся з рускамоўнай часткай насельніцтва і нявольна адаптаваліся пад моўнае асяроддзе. Рускамоўныя людзі, у сваю чаргу, перанімалі некаторыя словы і звароты з гаворкі былых вяскоўцаў. Такім чынам на цяперашні момант трасянка з’яўляецца адной з асноўных форм маўлення беларусаў.

Гаворачы пра смяшэнні моў на беларускай зямлі, нельга не ўпамінуць кітабы, якія ўзніклі на Беларусі з паяўленнем татар. Часцей за ўсе гэта былі рэлігійныя кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскай вяззю. Новыя пакаленні ўжо беларускіх татараў паступова забывалі сваю родную мову; але звычка да арабскага пісьма засталася. І каб моладзь магла разумець старыя кнігі, іх перапісвалі ў выглядзе кітабаў. Аднак гэтая з’ява хутка зжыла сябе — татары канчаткова адаптаваліся да мовы і пісьма.

Цікавы лёс мела і тарашкевіца. Пасля рэформы 1933 года яе граматыку замянілі на перапрацаваную, больш блізкую да рускай. Але версію Браніслава Тарашкевіча захавалі тыя, хто не быў згодны з рэформай. У сучаснай Беларусі тарашкевіца не з’яўляецца асноўнай версіяй граматыкі, але актыўна выкарыстоўваецца некаторымі СМІ, пісьменнікамі, нават ўніверсітэтамі.

Галоўнымі ж адрозненнямі тарашкевіцы ад сучаснай літаратурнай мовы з’яўляюцца:

  • Фанетычны прынцып правапісу (стагоддзе — стагодзьдзе, тэатр — тэатар);
  • Пашыранае выкарыстанне мяккага знака (снег — сьнег, дзве — дзьве);
  • Цвёрдасць гукаў [д], [т], [з], [с] перад [е], [і] (сігнал — сыгнал, фізіка — фізыка) і г.д..

Ёсць сярод сучасных дыялектаў беларускай мовы і такія цікавыя ўзоры, як гальшанская мова — праект літаратурнай мовы на аснове беларускіх гаворак Літвы, — свая мова, мікрамова Падляшскага ваяводства Польшчы. Але іх распаўсюджанасць не такая моцная, таму разгледжанне іх мы рабіць не будзем.

На заканчэнне

Такім чынам, асаблівасці беларускай мовы, што сфармаваліся за некалькі стагоддзяў, робяць яе ўнікальнай, непаўторнай. Як і іншыя мовы, беларуская мае права на існаванне і развіццё. Але, у адрозненне ад жывых істот, мова не можа існаваць самастойна: яна патрабуе нас. Чалавек прыдумляе мову, надае словам значэнні, укладае сэнс у спалучэнне гукаў, спрыяе стварэнню вылучнай гісторыі яе развіцця. Мовы жывуць і развіваюцца нашмат даўжэй, чым можа пражыць адзін чалавек, таму мы, людзі, не маем права бурыць і забываць тое, што нашы продкі будавалі стагоддзямі.